СВЯТАСЛА́Ў І́ГАРАВІЧ (? — 972),
вялікі князь кіеўскі [964—972]. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын вял. князя кіеўскага Ігара. У 964—966 вызваліў вяцічаў ад улады хазар і падначаліў іх Кіеву. У 960-я г. разграміў Хазарскі каганат, разбурыў яго сталіцу Ітыль і г. Саркел (на Доне). Ваяваў з Балгарыяй волжска-камскай і захапіў яе сталіцу Булгар. На Паўн. Каўказе заваяваў хазарскую крэпасць Семендэр, разбіў ясаў і касогаў. У 967 уварваўся ў Дунайскую Балгарыю і ўмацаваўся ў г. Пераяславец у вусці Дуная. Калі на Кіеў напалі печанегі, вярнуўся, разбіў іх і зноў прыйшоў у Балгарыю. Каля 971 у саюзе з балгарамі і венграмі ваяваў супраць Візантыі. У 971 заключыў мір з візантыйскім імператарам Іаанам I Цымісхіем. На шляху да Кіева каля дняпроўскіх парогаў загінуў у баі з печанегамі.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Сахаров А.Н. Дипломатия Святослава. 2 им. М., 1991.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)